Ответить на комментарий

Загібелька

Прысвячаю К. Крапіве

Быць можа я крыху дзівак,
Але люблю я Загібельку:
Там кожны хвойнік мне сваяк,
Там ясным днём надрэчны гак
Мне суліць мяккую пасцельку.

Хадзіў я там, вітаў усход
I першыя праменні сонца,
Што дзень выводзяць у паход,
А з ім і хмарак карагод,
Замлеўшы смехам на сасонцы.

Запыніш крок. Спакой і ціш —
Былінка нават не схіснецца,
А ты разважліва стаіш,
Бы нейкі сон дзівосны сніш,
I песня нейкая снуецца.

Зірнеш на дол — убогі ён,
Адзін пясок, сухі, нішчымны,
Ды колькі тут наткаў красён
Чаборык, мох, зязюльчын лён
I верасок агніста-дымны!

I колькі мілых красак тут
Разлівам чырвані палае!
Над імі звон, музычны гуд —
На пустцы сонца творыць цуд
I радасць шчодра пасылае.

Ідзеш у свой абход адзін,
Мінаеш сотні паваротак.
Ускрай баркоў шатры хваін
Стаяць у постаці жанчын, —
Вітаеш іх, як родных цётак.

Ідзеш кілометр, два і тры,
Праходзіш пусткі, пералескі,
А песні сыплюцца згары,
Ды так, што слухаюць бары,
Надзеўшы вычварныя фескі.

А вось і возера-акно,
Якога мала дзе пабачыш,
Такое дзікае яно
Сярод балоцішча адно, —
Завуць яго чамусь Грымячым.

Само ж балота — шыр і гмах,
Панурай немасцю акута.
Глядзіш, і горне цябе страх.
А хвоек там — мільён папах,
Дзесяткі тысяч парашутаў.

На філасофскі часам лад
Настроіш думкі ты ў самоце.
Што ні кажы, наш край багат!
Балотам зробім шах і мат,
I будуць нівы на балоце.

Калі агледзіш хвайнякі
I гэты кут пазнаеш бліжай,
Збіраючы баравікі, —
То вывад я раблю такі, —
Мне Загібелька лепш Парыжа.

Якуб Колас




Ответить

   __     _____ 
/ /_ |___ /
| '_ \ |_ \
| (_) | ___) |
\___/ |____/
Enter the code depicted in ASCII art style.