Балада Полацкага гарадзішча

На старым гарадзішчы каля Палаты,
дзе віхор пагудасты не ступіць нагой,
як прыслалі сватоў з двух кранцоў два браты,
выбіраць мела права з дваіх аднаго.

Беларусь! Палачанкай глядзіш з-пад рукі.
Абцугамі цябе абнімаюць вякі.
Уздымаюцца замкі з дрымучых бароў.
А Няміга і Нёман, Дзвіна і Дняпро
свой пачатак бяруць не з адзіных пакут,
не ў адзінае гора ўпадаюць пакуль.

Але гора — не мора, хапае вакол.
Шчасце ўсіхняе ўмесціцца ў дзеўчын прыпол.

Пачуццё закіпела па джале мяча.
Абняславіў мяне у бацькоў на вачах.
Знішчыў бацьку і брата ў мяне на вачах.
Выбіраю няволю для ўсіх палачан.

Дзе не люд гаспадарыць, няпрошаны госць,
не князі вызначаюць жанчынам цану,
выбіраю няволю, блюзнерства, ману!
У самоце здзічэю, схаваюся ў злосць.

Хай мяне зацямняць на рацэ Злыбядзе,
каб не чулі чаляднікі кленчаў ды слёз.
Уладзімір з варагаў Алову прывёз
ды Малфрыду, Адэлю шчэ меў кагадзе.

Апроч жонак, пасцельніц трымаў восемсот,
каб род князеў зухвалы не вымарыў звод,
каб захоўвалі гонар высокі сыны.
Чатырох нараджу дзеля братняй вайны.
 
Але месцежа тоўпіцца ў сэрцы на дне.
З бацькоў і зямлю сваю помста кіпіць.
Точыць думку спакуса: як моцна засне
Красна Сонца Ўладзімір,
                                        крывёю замыць.

Ад нясмелай рукі цвердаскуры не ўмёр.
Загадаў апрануцца ў святочны убор.
Сам паснедаць спяшаецца ў княжацкі двор,
а пасля кумяльгом учыніць прыгавор.

Мог забіць нізавошта. Ды сын Ізяслаў
кажа: «Думаеш, бацька, што ты тут адзін?»
Князь: «Ды я сумняваўся, што ты тут сядзіш!»
I па звычцы татарскай абодвух паслаў.

Князь, сын ключніцы, чуў, як бразгочуць замкі.
Змалку слухаць куванне зязюль не прывык.
Ад красы, ад якой блякнуць зор азяркі,
адмаўляўся зладумна — як просты мужык.

Лепей скораны воблік манашкі прыму,
чым застацца ў блудлівым прыпынішчы зла.
Сын па долі і полацкі князь Ізяслаў
зрубіць замак Заслаўе —
для маці турму.

Будзе праўнук на дзідах нябёсы трымаць.
He закоціцца Полацка слава на спад.
Будзе вечна свяціцца Рагнеды імя
у стагоддзях
на вуснах тутэйшых дзяўчат.

Данута Бічэль-Загнетава