Белае возера

Вы былі на Белым возеры ці не?
Не былі?
Дык не кампанія вы мне.

Вам бы ўсё на поўдзень, на курорт,
Там і мора, там і горы,
I віно там першы сорт.

Так і трэба вам, адступнікам,
А нам
Сонца будзе, юшка будзе і сто грам.

Можа, я сакрэт палескі выдаю:
Пра куточак запаветны зноў пяю.

Дзе імклівей Случ да Прыпяці бяжыць,
Недалёка дзіва белае ляжыць.

Ты ляжыш паміж высокіх берагоў,
Дзіва белае, а рыба — для багоў.

Маладзееш ад празрыстых ясных вод.
Ёсць малькі тут, ёсць і ясельны народ.

Ёсць дашкольнікі і школьнікі — усе
У сваёй адменнай рыбінай красе.

Ёсць адборныя цяжкія бугаі,
Плясне гэткі на вадзе — гудуць гаі...

Сосны стромкія глядзяцца у ваду,
Пэўна, раяцца, адвесці як бяду,

Бо паваліцца рыбацкая арда —
Стане чорнай наша белая вада...

Хоць і сам не гаспадар я тут, а госць,
Не на рыбу клічу вас — на прыгажосць.

Вы паедзеце?
Дык шлях на Салігорск.
Не паедзеце —
Нам з возерам не горш.

Пімен Панчанка