Бярэзіна

                                 Міколу Аўрамчыку

Мы вандроўнікамі ўсе
Знатнымі зрабіліся.
У дарозе пакрысе
Ад сям’і адбіліся.

Наглядзеўся на мадонн
Ціхіх і гарэзлівых...
Каму Тэмза, каму Дон,
Мне — рака Бярэзіна.

Петлі вузенькія ўе
Недзе каля Докшыцаў,
Пераходзіў праз яе
Па маленькай дошчачцы.

З бацькам ездзіў я па рум —
Сосны, воды сінія.
Знаў я кожную нару
I шляхі ласіныя.

Начаваў над ёй не раз
I не мог нагледзецца,
Як плыве рака-зара,
А бярозы свецяцца.

I плыве, і мые жвір,
I нідзе не спыніцца,
З радасцю ў дняпроўскі вір
З галавою кінецца...

Поўнач ты аб’ездзіў, брат,
Ды і поўдзень сонечны.
А Бярэзінскі фарштат?
А сяло Любонічы?

А які лясны прастор
За Слабодкай мілаю!
У адзін і той жа бор
Па грыбы хадзілі мы.
 
Ад нахмураных вачэй,
Гоману штодзённага
Ірванём давай хутчэй
На сваю, сцюдзёную.

Паначуем ля стагоў,
Пазбіраем голачкі.
Ля бабруйскіх берагоў
Ёсць мае аполачкі.

Гэта наш бацькоўскі дом,
Ствол, вайной падрэзаны...
Каму Волга, каму Дон,
Нам — рака Бярэзіна.

Пімен Панчанка