Бярэзінскі запаведнік

Кут глухі, але прыгожы,
Аж да неба ўвесь зарос.
I рака, рака Бяроза
Паміж сосен і бяроз.

Невялічкая, жывая
З-пад імшарын векавых,
А бяжыць, як сувязная,
Між азёрцаў баравых.

Дрэвы ўсе — гудуць, вядома,
Як сышоўшыся на сход.
Бачу я між іх знаёмых,
З даўніх, аж з дзіцячых год.

Вось ляціць глушэц чубаты,
Скалыхнула голле рысь...
Добры дзень, мой лось рагаты,
Што спалохана глядзіш?

Што за рогі?.. Мне здалося,
Што яны ў цябе цвітуць.
Ты не бойся, ты не бойся,
Ты са мной, як з родным, будзь!

Ты не злосны, ты не шкодзіш,
Сыты лістам, травіной...
Я люблю, калі ты водзіш
Ласянятка за сабой.

Я іду праз хмыз жахлівы,
Хтосьці ў рэчцы вукнуў, знік...
Добры дзень, бабёр руплівы,
Адмысловы будаўнік.

Што ж мяне ты налякаўся?
Я дурнога не зраблю.
Не хавайся, не хавайся,
Я здавён цябе люблю.

Пазайздросцяць тваёй працы
I дапытлівым рукам.
Мне б хацелася пабачыць,
Як будуеш сам-насам.

Ты ж сядзіш, схаваўся ў норку...
Пераходжу
Праз кусты.
Добры дзень, мая вавёрка,
Не змянілася і ты.

Скок і скок бесперастанку...
Ці натомішся калі?
Быццам рыжая маланка,
Пралятаеш па галлі.

Толькі скачаш зухавата
Ты не заўжды — так абы,
На яліне на бухматай
Паразвешаны грыбы.

У дупле твая сталоўка.
Гаспадыня ты сабе,
Значыць, добрая зімоўка
Забяспечана табе.

I далей, цераз гушчары,
Прабіраюся я ледзь...
Ах, і ты тут гаспадарьпп?
Добры дзень табе, мядзведзь.

Пахаджай, а мне не шкода,
Шмат прыстанішча вакол,
Хоць частуешся ты мёдам,
Разбурыўшы дзікіх пчол.

I табе ў краю зялёным
Не кідаю я дакор:
Ты ж — усім звярам карона,
Без цябе і бор не бор.

Зайцам, козам тут раздолле,
Хай з'явіўся б і алень...
Вось ваўку, таму ніколі
Не скажу я: «Добры дзень!»

Ён драпежлівы, клыкаты,
Толькі б рззаць, шкуматаць,
А прыходзіў аж пад хаты...
Добра, сёння не відаць!

Кут мой родны, кут прыгожы,
Да цябе я зноў прыйшоў...
А рака, рака Бяроза,
Колькі качак і чыркоў!

Сом у зацішку ўладарыць,
На алешніку ж — кажан.
I сам бусел на імшары
Пахаджае, быццам пан.

А грыбы, грыбы радамі,
Што дазорныя, стаяць...
Не, ніякімі радкамі
Родны кут не апісаць.

З ім мне хочацца сустрэцца
I зімою і вясной.
З дзён маленства — усім сэрцам
Назаўсёды я з табой!

Пятрусь Броўка