Бярэзінскі запаведнік

На поўнач ад Мінска пад Лепель
       На дзевяностай вярсце
Бярэзінскі запаведнік
       Між рэк і балотаў расце.

Чароўныя рэчкі!
       Іх назвы
                      звіняць і шумяць у вушах:
I Проня, і Гайна, і Ольса,
       I Бобр, і Уса, і Уша.

Плывуць у імгле сцюдзёнай
       Пад навіссю цёмнай лазы
Цяжкія тлустыя жэрахі,
       Зялёныя ментузы.

Бярэзнікаў белая песня,
       Званы медзяныя бароў,
Заставы калматых елак —
       Надзейныя сховы звяроў.

Дзе рогі аленя — не блытай —
       Дзе елак сухія сукі,
Уверсе мільгаюць вавёркі,
       Унізе сапуць барсукі,

Ад золаку да змяркання —
       Птушыныя кірмашы,
Зязюлі мядзведзяў будзяць,
       На працу бягуць мурашы.

Яны не саступяць дарогу
       Нават ласям цяжкім...
Увосень рабіны ўзнімаюць
       Вогненныя сцяжкі.

Увосень збіраецца ў лесе
       Сівы партызанскі люд
Наведаць сяброў пахаваных,
       Аддаць штогодні салют.

Падправяць магілкі аселыя,
       З чарак пральюць віно.
Дрэвы старыя зноўку
       Гудуць, як гулі вайной.

Тут забаронаў многа:
       Не біць, не паліць, не страляць.
Але няма забароны
       Памінкі такія спраўляць.

Бо самае запаведнае
       У запаведніку тым —
Сустрэчы жывых і мёртвых,
       Кастроў партызанскіх дым.
Пімен Панчанка