Дубровіца

Ну як жа без Дубровіцы, скажыце?
(Палескі край не раз наведаць мне.)
Цвіце тут бульба,
Ветру вольна ў жыце.
I шызым халадком з капусты тхне.

Вяргіні адсыпаюць жар падворкам,
На ахалоду шчодрая Гарынь.
Пазная ноч здаецца адвячоркам.
У перасмяглых зорах дно гарыць.

Ідзём у ноч, у цёплую завею,
У туманы, што ў полымі вяргінь.
Дубровіца начамі ружавее,
Антонаўкамі пахнуць луг і плынь.

Маладзічок на поплаў неба выплыў
Прыспешыць сарамяжную зару.
Пашану аддаю мясціне сціплай,
Што шапаціць дубамі ў Беларусь!

Андрэй Ярмульскі, пераклад Рыгора Барадуліна