Гайна, Гайна...

Што за кара!
Вечна трапятацца,
Мучыцца
З-за кожнай драбязы...
З мітуснёй
Пара мне развітацца,
На лугі падацца
Ды ў лясы.

На пісьмовы стол,
Нібы на плаху,
Болей
Галавы не пакладу.
Не хачу
Ні жартаваць, ні плакаць,
Ні чытаць
Мастацкую нуду.

Ад шаблонных слоў,
Ад папугайных
Паўтарэнняў
Знікну у глушы.
Паблукаю
Каля ціхай Гайны
У сасновай
Сонечнай цішы.

Хай грымяць
Спаборніцтвы па боксу,
Хай спявак
Па радыё хрыпіць...
Дзеці спяць,
I птушкі спяць,
I бог сам
З неба збег
I ў нечым сэрцы спіць.

Там, дзе зоркі
Чыста перамыты
У крыштальных водах
Сініх рэк,
Нібы фараон
У пірамідзе,
Буду спаць я ў стозе
Цэлы век.

I прысніцца мне,
Што жыў калісьці
Па законах музыкі
Сусвет.
Раніцой знайду
Між траў і лісцяў
Самых лепшых вершаў
Цёплы след...

Зноў званок...
Пабойцеся вы бога:
У мяне нагрузак —
Цераз край!
Любіць засядаць
Мая эпоха...
Гайна, Гайна,
Трошкі пачакай.

Пімен Панчанка