Гайна!.. Гайна!..

Гайна!.. Гайна!..
Што за рэчка, — прыгажэйшае няма.

Гайна!.. Гайна!..
З назвай, блізкай да паэтава імя.

Гайна!.. Гайна!..
Хоць малая, — неспакойны нораў твой.

Гайна!.. Гайна!..
Ты, як мора, разліваешся вясной.

Гайна!.. Гайна!..
Раннім летам ззяеш срэбрам у лугах.

Гайна!.. Гайна!..
Што малодка, ўся ў зялёных ты шаўках.

Гайна!.. Гайна!..
Ты пад восень граеш колерам другім.

Гайна!.. Гайна!..
Быццам вежы, над табою скрозь стагі.

Гайна!.. Гайна!..
Позна ўзімку, як удараць халады,

Гайна!.. Гайна!..
Ахінешся белым кужалем тады.

Гайна!.. Гайна!..
Ты як быццам засынаеш у снягах.

Гайна!.. Гайна!..
Твар твой белы, толькі горача ў грудзях.

Пятрусь Броўка