Ha Палессі

Ha Палессі — спрадвеку, як быццам званы,
Несціхана сівыя звіняць курганы.
To трывожна-набатны, то як ранішні сон,
Над зямлёю плыве іх малінавы звон.

На Палессі маім — курганоў, як грыбоў.
Многа ў вёсках унукаў і мала дзядоў.
I над намі з маленства, як быццам званы,
Задуменна сівыя звіняць курганы.

Калыханку спрадвечную чую ўначы:
«Волю цяжка здабыць, ды цяжэй зберагчы.
Я, Палессе, не стану ніколі батрачкай,
Калі сон ваш не стане глыбокаю спячкай...»

Урачыста плыве ў журавіннае ранне:
«Добры дзень вам, нашчадкі!
Добры дзень вам, зямляне!
Хай жа будзе для вас гэты дзень умалотны,
А для вашага сэрца — апошні журботны!..»

Пойдзе дзень па спачын — звон паціху ачахне.
Як жывіцай, вячэрай Палессе прапахне.
I нядрэмна глядзяць нам у вочы яны —
Курганы, курганы, курганы...

Анатоль Грачанікаў