Крышталічны хрэбет

Не завоблачны, не Каўказскі,
А загнаны пад балаты,
Часам казкай
I зрэдку ласкай
Цешыў нас гэты скарб залаты.

Крышталічны хрыбет палескі —
Перавернутая дуга...
Ціха, ціха цвітуць пралескі,
Над дрыгвою плыве туга.

Не шчымлівы голас жалейкі
Я пачуў, не ласіны роў —
Адгукнулася ў нетрах жалеза,
Чалавечая гордая кроў.

Справу мы пачалі не жартоўную,
Бо народ загадаў: пара!
Ад Карэліч і да Жытоміра
У капальнях агні гараць.

Там усё таямніча, прывабна.
Прабіваюцца праз туман
I граніт, і мармур, і вапна,
I касмічны метал-тытан...

Тытанічную бітву Айчына
Тут вяла, на зямлі дарагой...
Не заціхне званочак птушыны
Пад зялёнай палескай дугой.

Пімен Панчанка