Маўчанне травы

Чатыры сцяблінкі з паэмы лёсу

Палёўкай пры лесе — Узбор'е —
Вёска — сорак двароў:
На захад — жытное горне,
На ўсход — перазовы бароў.
Куды пахінуцца — гадае,
Напэўна, тысячу год:
На захад — дзень хлебадайны,
На ўсходзе — песні ўмалот.
Ледзь певень абудзіць падвор'е —
He ломіць ніхто караля:
He ведае стомы Узбор'е,
Спрадвеку жыве з мазаля.
Вяснуецца ў полі з сяўнёю,
П'е жніўнем з ламоткіх крыніц
I боханам — сонцу раўнёю —
Ўзыходзіць на покут святліц.
Ля борцяў узятак цікуе,
Румуе калоды на сплаў,
Цяслярыць і скрыпкі штукуе —
Ніхто не прыліпне да лаў!
Вось так і трывае паціху,
He звыклая часу лічыць,
З прымоўем: няўродзіца — ліха,
I ліха — як песня маўчыць.
Купалка, вяснянка, калядка,
Талочніца, жніўка, кума,
Скакуха, любоўніца-звадка
I тая — каб сват не драмаў...
Я слухаў вас. Хай пазайздросцяць,
Каму не ўдалося пачуць!..
Ляжаць спевакі на пагосце...
А песні?.. Ды лепш памаўчу...
Бываюць жа цуды зямныя!
I ёсць паміж іх старана:
To баравая заные,
To жніўная ў сэрцы струна...
 
                   * * *

Веснагорка... Хто і як звязаў
Тут сцяжын патайных першапуткі?
Хто спыніцца родзічам сказаў
I назаўтра не трубіў пабудкі?
На пагорку, сцішаны, стаяў
I вясну адхукваў у далонях —
Кветку-сон, дзіўнейшую з праяў,
Што з блакітным жаўранкам гамоніць.
Веснагорка. Горка ля дарог.
Выраю стамлёнае гайданне.
Праз тысячагоддзі я збярог
Воблік той, што ўбачыў продак даўні.
Праз тысячагоддзі ў сэрцы нёс
Вёснаў шум на рэках крыгаломных,
Восеньскую тайну чорных лоз
I снягоў суровую бязмоўнасць.
Веснагорка. Сонца і слата,
Смех сустрэч і развітання слёзы.
Веснагорка. Горкая вярста
Пачынала шлях свой ля бярозы.
Шлях бацькоў, мужоў, сыноў, братоў
Да казённых вестак у канверце.
Веснагорка... Ростань... I ніхто
He замоўлен ад агню і смерці...
Край мой родны, хата на крыжах,
На распяцці войнаў і разбояў.
У цямнотах курганоў ляжаць
Зерні дум, пасеяных табою.
Веснагорка, маці-Беларусь,
I адкуль, скажы, не пёрла намець?..
На крыжах — Скарына і Кастусь,
Лёс народа, сэнс яго і памяць.
На крыжах кружыў з усіх Еўроп
Вецер злы з крывавым чадам Азій.
Ды знаходзіў люд мой чарнатроп
I да сонца зноў і зноў вылазіў.
Скрыжаванне планаў — «ост»  і «вест»
Над табой пятляла праз стагоддзі.
Хто ваўком, а хто гадзюкай лез, —
Як ты выжыў, адкажы, народзе?
На крыжах гісторыі дзяцей
Кідаў кат у студні галавою. 
Зерні душ, адвеяных ад цел,
Узыходзяць па вясне травою.
Веснагорка, сэрца на крыжах,
Мова, што спрадвеку мы гаворым,
Нематы неспапялёны жах
На скрыжалях мужнасці і гора...

                      * * *

З-пад Масквы, Варшавы і Берліна
Трыццаць год яны ішлі дадому
Па бестэрміновых каляінах
I па сцежках толькі ім вядомых.
Доўга так ішлі, пакутна доўга, —
Ці ішлі — забыліся ўжо нават...
Зорны высеў ці пяску рудога
Выбухі над вечнаю заставай?..
А прыйшлі —
                        ніхто і не прыкмеціў—
Ды спрадвеку чуйна спала маці:
«Веснічкі ўздыхнулі...
                                      Пэўна, вецер...» —
I агеньчык загарэўся ў хаце.
А за першым — і другі, і трэці,
I над вёскай — вогненнае мора:
Млечны Шлях узборскі у сусвеце —
Мацярок нявысненае гора.
Аганькоў трывожных трапятанне,
Дзверы незашчэпленыя ў хатах,—
Гэта іх бясконцае вяртанне —
Тых, хто не вярнуўся ў сорак пятым...
Хто ідзе дарогай Перамогі
Трыццаць год да роднага Узбор'я,
Дзе даўно ўжо новыя парогі,
Новыя сцяжынкі да падвор'я...
Хто ідзе сюды зімой і летам
Праз дажджы, спякоту і завеі,
Праз віхуры атамнай планеты —
Каб прынесці нам адну надзею,
Што не стануць кантыненты цэллю
Той пякельнай, той вайны бяскроўнай,
Дзе гемаглабін згарае ў целе
I апошнім сонцам ззяе поўнач... 
Вечнае вяртанне — як пракляцце,
Вечнае вяртанне — як бяссмерце, —
I Хатынь свая — у кожнай хаце,
I Хатынь свая — у кожным сэрцы...

                       * * *

Шум бярозы — бацькаў сон трывожны
На пагорку, дзе грудкі, грудкі,
Дзе травінкай узыходзяць кожнай,
Памяццю — дзяды і землякі.
Дзе замшэла крылы развінае —
Як абдымкі — крыж перада мной,
Нібы знак, што да зямнога раю
Усе ідуць дарогаю адной.
Вось яна — з нізіны, ад Узбор'я,
Жыта расхінае пад гару.
He збяжыць ніхто з яе ў міжзор'е
I не абміне ў сваю пару.
Тут усе. Як і на вёсцы — побач,
I заўжды ў суседзей на віду,
I заўжды гатовыя падсобіць,
I з жывымі падзяліць бяду.
Я не раз, не два сюды прыходзіў
I вяртаўся ў думках зноў і зноў.
Па крупінцы сам сябе знаходзіў,
Бо няма высновы без асноў.
Вы прабачце, што парой трывожу
Вашы неразгаданыя сны:
Мы яшчэ без вас ніяк не можам,
Мы яшчэ на рубяжах вайны.
Абсалютных не было ніколі
I не будзе ў свеце перамог.
Перамогу ўмець пераадолець —
Самая цяжэйшая з дарог.
Гэта ўжо не мы, а пакаленні
Выклікаюць з будучыні нас,
Каб не абрываліся карэнні,
Каб агонь свяшчэнны не пагас...

Васіль Зуёнак