Мая Беларусь (верш у прозе)

…Што ёсьць Беларусь? Кожнаму беларусу яна ўяўляецца па-свойму. Для мяне Беларусь пачынаецца зь вёскі, дзе нарадзілася мая маці, дзе ў дзяцінстве я бавіў час летніх вакацыяў.
Клічаўшчына… Край хваёвых лясоў з прамежкамі бярозавых гаёў, паўнюткіх баравікамі, махавікамі ды лісічкамі пад ялінкамі, балоцістых нізінаў з гронкамі палымяных журавінаў на зялёных купінах…Край прырэчных лугоў, дзе паважна ступаюць па мяккім дзірване квітнеючых красак белыя птушкі з чорнаю аздобаю на крылах. Гэта буслы — белыя рыцары Беларускай зямлі.
Гарэза-вятрыска сваволіць у кронах бярозак, палахлівы асіньнік шамаціць пад ягонымі цёплымі павевамі. Бяжыць у далячынь пяшчотная і ласкавая рэчка Даўжанка, буяюць зарасьцем аеру і алешкі берагі, віруе-гуляе на плёсах у рачной траве рыба…
Як устанеш ураньні — толькі сонца шчэ зьбіраецца выйсьці і туман над ракою плыве, нібы малако, ну, а хлопцы, зямлі беларускай сыночкі, ужо косы мянташаць — кладзецца трава пад лязом.
Беларусь! Пачынаесься ты з Закупленьня, з гэтай вёскі маленькай, мо будзе тут сотня двароў…
Беларусь! Для мяне ты купальская песьня і рыпеньне вясковых калодзежных жураўлёў…
Ды ці можна хіба прыгажосьць усю выказаць гэтую і пачуцьці, што поўняць душу зноў і зноў?!
Беларусь! Для мяне ты сьвятая зямліца! Нібы родная маці, ты сьвецісься ласкай сваёй!

Юрась Півуноў