Мазыр

Як найгожая свету жамчужына
З мора легенд Герадота,
Заззяў над Палессем засмужаным
Мазыр маціцоваю цнотай.

Тут вясёлкі-дажджы карагодзілі.
Садоў палымнела млечнасць.
I з Турава туры прыходзілі,
Рогі-сурмы дарылі на вечнасць.

У палескай яго першароднасці,
У гарніле вякоў адлеценыя —
Нашых прашчураў годныя постаці,
Уваскрэслі — белыя лебедзі.

Вось яны над курганамі, ўзгоркамі
Узышлі то бярозкамі светлымі,
То над рэчкаю вербамі горкімі —
Доляй краю майго непрыветнаю.

Кожны яр — нібы лёсу расколіна
На Палесся ўчарнелай далоні.
I трымціць на галінках аголеных
Сум яроў па былым улонні.

Бо апошнім зялёным полымем
Сямігор'ем —
                    вякоў вячыстых —
Раскашуюць бярозкі кволыя
I ў абвалах знікаюць імшыстых.

I не Кіеў ужо, не Швейцарыя,
Не вянок ізумрудных горак —
Бальшавіцкія злыдні пацарылі —
I памёр старажытны горад.

Ні рачулак, ані гімназіі.
Ні раскошы ў пошуме веццяў —
Вэрхал дзікі расейскай Азіі,
Сутарэнне цэглы і смецця.

Ды з начальнікамі-валацугамі,
Што душу тваю гвалцілі, трэслі.
Я малю прад палескімі духамі,
Каб вярнуліся, уваскрэслі.
Ніна Аксёнчык