На Браслаўшчыне азёры...

На Браслаўшчыне азёры
Сінія, як неба ўранні,
Што ў аправе ў гонкім лесе.
Па начах злятаюць зоры,
Мыюць твары да світання
I знікаюць ў паднябессі...

На Браслаўшчыне азёры
Чарацінамі затканы,
Усміхаюцца пад сонцам...
Глянеш сам, і нікне змора,
Дно, што ў золаце пясчаным,
Піў і піў бы з іх бясконца...

На Браслаўшчыне азёры
Як не бачыш год ці болей,
Так і хочацца сустрэцца;
Што б ні зведаў — горы, моры,
А азёраў тых ніколі
Не забыцца...
Любіць сэрца!

Пятрусь Броўка