На Гарадзішчы ў Лоску

I хоць вецер сіберны свішча —
Гулу бітваў былых адгалоскам,
Добры дзень, добры дзень, Гарадзішча,
Што было колісь слаўным Лоскам!..

Што за даль, шырыня якая!..
Мы караскаемся па адхоне,
I пясок нам з-пад ног сцякае,
Быццам кроў, — татараў, тэўтонаў?..

He адказвае Верасоўка,
Hi Казлоўка, што свецяцца ў доле
З двух бакоў ля падножжа паўколлем,
Як забытыя паўпадкоўкі.

Ды адказваць, што?! Што збуцвелі,
Спапялелі вежы і сцены,
Агаліўшы курганішча веліч,
Шырыню і прастор летуценны?..

Ды не мерце іх метрам-аршынам,
Як лічыльнікі, чорна, занудна, —
Вышынёю тут — дух Скарыны
I твой одум, Сымоне Будны!

I хай вецер сіберны свішча —
Гулу бітваў былых адгалоскам,
Добры дзень, добры дзень, Гарадзішча,
Што было колісь слаўным Лоскам!

Хто ўздымаўся сюды, не загіне.
I, не верачы, веру ў цуды:
Крок ступлю і ўбачу Скарыну,
Крок яшчэ, і сустрэнецца Будны!..

Алег Лойка