На Полаччыне

Над полацкім краем – халодныя хмары,
Трывожна і сумна зіма наступае,
Замоўклі лясы і прыціхлі абшары,
Народ мой крывіцкі чагосьці чакае...

Глядзіць праз стагоддзі маўкліва Рагнеда,
I поўніцца твар Еўфрасінні дакорам,
I хлопчык вядзе гусляра,
Свайго дзеда,
                       у век наш,
Каб ён праспяваў
                               нам пра гора.

Гусляр той сляпы гнеўна гукі ўзбунтуе,
I хлынуць яны, апякаючы вушы,
I той, хто глухі быў, раптоўна пачуе
I з хаты на веча народнае рушыць.

I сорамна стане відушчым, аслеплым –
Нарэшце адкрыюцца сонныя вочы,
Замоўкне крыкун,
                                што крычыць нам аб светлым,
I хтось, як з паходняю,
                                       з сэрцам пакрочыць.

Янусь Малец