Над Лепельскім возерам

Вецер з поўначы прыносіў песні,
Надазёрны разбудзіўшы гул.
Хвалі шэрыя збіваліся так цесна,
Як авечы статак на лугу.

Потым уздымаліся, як горы,
І грудзямі бераг іх прымаў —
Быццам хто кавалак кінуў мора
Гэтым месцам людзям для забаў.

Бачыў я, як човен шлях свой значыў,
Вецер ветразі дадолу гнуў...
I здавалася, што човен скача;
Як дэльфін, згінаючы спіну.

Мора прыгадалася харошым,
Быццам тут і чайкі, тут і пляж...
Плыў-жа я па возеру, па Прошу
Да маленькай выспы наусцяж.

Думаў — я у Ялце ці мо' лепей –
Тут Батум, а можа і Сухум...
Ажно гэта горад ціхі Лепель
Да маёй радзімы на шляху.

Пятрусь Броўка