Незабудкі азёр

Ля ціхай затокі на плёсе
Ёсць шчасце згадаць аб любві.
Сваіх я не высушу вёсел —
Плыві, мая лодка, плыві!

Крычаць патрывожана гусі
У мройны азёрны разліў.
А карта маёй Беларусі —
Як луг, што блакітна зацвіў.

Ля Браслава звоняць крыніцы.
Азёры Наддзвіння бруяць.
I вербы схіляюцца ніца,
I вёслы, і вёслы блішчаць.

Якая ж нязнаная сіла
I вабіць сюды, і заве,
Дзе Нарач нябёсы ўтапіла,
Дзе Свіцязь плюскоча ў траве.

Запеў пастушковае дудкі
Ля плёсаў яшчэ не замёр.
I росна цвітуць незабудкі
Маіх беларускіх азёр.

Віктар Гардзей