Палёт на Палессе

Тут не агледзіш усё да канца...
На верталёце паўсутак нас трэсла.
Ад Салігорска да Лунінца,
Ад Мазыра і да самага Брэста.

Што за прасторы!
Дзе некалі ў копы
Капаў слязою аўсяны паэт,
Вежы сянажныя,
Як тэлескопы,
Горда глядзяць
I на нас і ў сусвет.

На паўзямлі —
Дрыгвяная туга
Ды паляшуцкая ціхая мудрасць.
Багны Палесся —
Гэта тайга
З прымессю цёплай тундры.

Багны —
Бязлітасны акіян,
Глынуць —
Не ўратуе ні «SOS», ні «Мама».
Балоты вясною —
Сцюдзёны вулкан:
Усё заліваюць
Іржавай магмай.

Зніжаецца
З грукатам
Наш верталёт,
Пыл разлятаецца рыжаваты.
Пара машын,
Мясцовы народ.
На дошцы — схемы і карты.

Знаюць на памяць лічбы усе,
Дзе асушаць ім,
А дзе ўжо асушана.
Думаў:
Буслам не хадзіць па расе,
Думаў:
Балоты на гібель асуджаны.

I памыліўся.
А вочы ўсё ўніз:
Дробных азёраў блакітная нізка,
Новы пасёлак.
Саўгас «Камуніст» —
Быццам кавалак
Сталічнага Мінска.

Зноў прызямляемся.
Зноўку ляцім.
Першы раз бачу цябе падрабязна,
Край наш палескі,
Сіні твой дым,
Дзень твой наступны бачу выразна.

Свеціцца ён у разумных вачах
Меліяратараў, інжынераў.
Тут не забудуцца і аб буслах:
Я назаўсёды ў Палессе паверыў.

Пімен Панчанка