Прыстанька

У гэтай мясціне, недалёка ад в. Мі-
калаеўшчына, у 1906 годзе адбыўся
першы нелегальны настаўніцкі
з'езд, сярод удзельнікаў якога былі
А. Сянкевіч, Я. Маўр, Я. Колас.

Ляшчыны — у сузор'ях арэхаў,
Над Нёманам — свежы павеў...
У Прыстаньку гучнае рэха
На з'езд беларусаў заве.

Настаўніцкі, змоўніцкі, першы...
Яго шчэ прысуд не караў.
Пачатак... А нехта завершыць,
Адродзіць адрынуты край.

Прыняты высновы, адозвы,
Што блізяць да гэтай пары...
Ухвальна высозныя сосны
Кіўнулі за гэты парыў.

Шчырэюць у згодзе далоні
I зычаць удачы ў сяўбе...
Жандармаў гарачыя коні —
Аблогай у родным сяле.

Мужчыны не ўседзяць на лаўцы...
I прыстаў прыўстаў аж на здзіў:
З каламі — сцяной мікалаўцы:
«У крыўду сваіх не дадзім!»

Звальненні, астрогі, замежжа... —
He соладка лёс канаваў.
Ды водгалас еднасці першай
I сёння для нас не сканаў.

He зрынута столькі агрэхаў
У мітрэнзе адліг і завей...
У Прыстаньку новае рэха
На сход беларусаў заве.

Алег Салтук