Салодкая лячэбніца

Як толькі за Оршай
Направа павернеш —
Прыедзеш у вёску
Пад назвай Цукерня.

Бабулі ласкавыя
Добра там лечаць
Дзяцей, што цукеркамі
Зубы калечаць.

Тут мыюцца толькі
Салодкай вадою,
I весела ўсім
За салодкай ядою.

З вішнёвым варэннем
Тут вараць ірыскі,
Густы мармелад
Наліваюць у міскі.

На сонечным мёдзе
Пірожныя смажаць.
Гузы, сінякі
Тут марожаным мажуць.

З лугоў навакольных
Злятаюцца пчолы
I робяць ласунчыкам
Дзесяць уколаў...

Ды хутка ўсе дзеці
Пытаюць трывожна:
— Ізноўку цукеркі?
— Не хочам пірожных!

Ні хлеба, ні мяса,
Ні кроплі гарчыцы.
Як цяжка лячыцца —
Цяжэй чым вучыцца.

І плачуць, і просяць
Ласкавых бабулек:
— Ах, дайце, бабулі,
Хутчэй нам цыбулі!

Нам хочацца хлеба,
I супу, і кашы:
Прайшла ўжо хвароба
Салодкая наша.

Пімен Панчанка