Санет да Нёмана

На зялёнай рацэ крыгаход.
Шчырых крыгаў рухомая карта.
А ці ж доля хоць шэлега варта,
як у гэткім разладзе народ!

Паўтараю ў прадонне ваш лёт,
Багдановіч, Купала і Цётка,
а гарадзенскага прысаку лётка
паўтараю — з нябёс і пад лёд.

Нёман, Нёман, адзіны каханы,
абальеш прахалодаю раны
і схаваеш ад горкіх нягод...

Расцвітуць сэрца сцюжнага крыгі
да бязлюднай спрадвечнай адлігі —
гэтак знойдзецца згублены брод.

Данута Бічэль-Загнетава