Свіцязь

Светла свеціцца Свіцязь. Да дна
адлюстроўваецца азёрна
светлыня, як на скрыпцы струна;
як зярняты, што сеюць спорна
ў араллю; як дзіцячы смех —
без прычыны; як ласкі жанчыны
з пажаданым сам-насам; як снег
у праменнях з начной аблачыны;
як адкрытасць без перасцярог;
як маўчанне расстання; як сокал,
што сягае ў блакіт; як мурог,
ветрам вытаптаны; як высокі
выклік ветразя шквалу нягод;
як сумленне святое людское;
як нязломны і вечны народ —
з лёсам, што не прывык да спакою, —
светла свеціцца Свіцязь. Стаю
у палоне красы... на світанку
тут з легенды Міцкевіч сваю
выклікаў свіцязянку...

Уладзімір Лучук, пераклад Рыгора Барадуліна