У Белавежы

На пушчу нацэлены
З розных бакоў фотавочы,
Ласі ды алені
Красуюцца перад табой.
А дзік не ахвочы здымацца,
I зубр не ахвочы,
Адзін — у гушчар,
А другі можа рынуцца ў бой.

I так недарэчы
У гэтых лясах непацёртых
I рогат турыстаў,
I бляск тых прылад рэпарцёрскіх,
Што хочацца пушчы
Зялёныя вочы заплюшчыць,
Каб тлуму эпохі не бачыць,
А быць толькі пушчай...

I зубр белавежскі
Прыжмурыў журботнае вока,
I вуха трывожна наставіў,
I чмыхнуў зласней.
Імкнецца успомніць
Аб нечым далёкім-далёкім,
Ды, так і не ўспомніўшы, знікне
I каля зуброўны засне.

Пімен Панчанка