У палескай глушы

Краем багны, балот —
Так той кут называлі,
Пра палескую глуш
Мы ад Коласа зналі.
Праспяваў ад душы
Аб Палессі Купала,
Сёння ў гэтай глушы
Нечуванае стала.
Ніякой цішыні
Не знайсці чалавеку,
Дзе Старобін драмаў
У завеях спрадвеку.
Чэсці меў ён не шмат.
Без ніякае спрэчкі
Хто сялом яго зваў,
Хто ўзнімаў да мястэчка.
Глянь, Старобін цяпер
У магутнейшым росце, —
Шмат яму гарадоў
Будуць хутка зайздросціць.
Дзень і ноч чалавек
Не кідае там вахты,
Пад Старобінам скрозь
Закладаюцца шахты.
Ладзяць, гоняць ствалы,
Палі ў дол забіваюць,
Б’юць да сэрца зямлі —
Соль зямлі здабываюць.
Узрываецца тол,
Бор дрымотны узрушыў,
Тэлеграфа слупы
Аж развесілі вушы.
Колькі гоману там,
Скрозь машыны, машыны...
Кожны хлопец — герой,
Гераіня — дзяўчына.
Кожны дзень на вачах
Горад іх узрастае,
Хто з іх сцены кладзе,
А хто дах пакрывае.
I вышэй і вышэй
Узнімаюцца мары,
Ад марозных вятроў
Загарэлі іх твары.
Хустка, шапка, берэт,
Быццам краскі на полі,
Не, між імі нуды
Ты не знойдзеш ніколі.
Што зрабілі яны —
Не ахопіш і вокам,
У палескай глушы
Шахты, шахты навокал...
Ладзяць, гоняць ствалы,
Палі ў дол забіваюць,
Б’юць да сэрца зямлі —
Соль зямлі здабываюць.
Цудадзейная соль
Ляжа шчыра, рупліва —
I ў сябе, і ў братоў
На шырокія нівы.
Вымкне збожжа сцяной,
Аж схаваюцца хаты,
Будзем мы і браты
Як ніколі багаты.
Хай жа знаюць усе,
Як аддана мы робім,
Бач — як волат, расце
Горад Нова-Старобін.
Прыязджайце зірнуць,
Што за ява такая —
У палескай глушы
Працы гул не змаўкае.

Пятрусь Броўка