Вершы пра Палессе

1

Лётаў да Ніягары.
Бадзяўся каля экватара,
Купаўся ў Сарэнта
I пёкся
На мармуровым Акропалі,
А свайго залатога Палесся
Не выпіў ніводнай кварты,
Глынуў з той крыніцы
Ў юнацтве
Некалькі сініх кропляў.

Я вечна зайздросціў
Сівым акіянскім прасторам,
Успененым штормам,
I мачтам,
I зорным марскім маякам.
А тут жа лясы навальнічныя
Штормам шумелі учора
I кастры партызан
Маякамі здаваліся нам.

Што паездзіў
Па нашай планеце —
Не каюся:
Гарачэй сэрца горнецца
Зараз да роднай зямлі.
Мы, Палессе, з табой
Заўтра чаек марскіх дачакаемся,
Паплывуць праз бары
Караблі,
Караблі,
Караблі.

2

Ты спрадвеку ўсім сэрцы трывожыла
Першароднай журботнай красой.
Ты ляжыш непаўторна прыгожае
У вянках сіняватых лясоў.

Салаўінае і зубрынае
Не застоілася ў цішыні,
I гараць над усёй краінаю
Светлагорска твайго агні.

Тут у Лельчыцах сэрцы лечацца,
I у Добрушы добра жыць.
Задушэўная песня Рэчыцы
Можа кожнага заваражыць.

Век хадзі і любуйся,
А стомішся —
Ля агню на узлессі прысядзь.
Ля былых партызанскіх стойбішчаў
Туманы на ялінах вісяць.

Ты пачуеш тут на змярканні,
На світанні пачуеш ты
Зязюль куванне,
Ласёў рыканне
I матораў голас густы.

3

Два моры рукі працягнуць з даляў
(На мачце ўспыхне зыркі агонь),
Блакітнай хваляй стукнуць у хвалю,
Нібы тугою далонню ў далонь.

I хлынуць, хлынуць дабра патокі.
Да сініх бухтаў праз бары
Саракатонкі і кужаль тонкі,
Соль Салігорска і трактары.

З янтарнай Балтыкі і Чарнамор'я
Злятуцца чайкі і прынясуць
На крыллях водбліск марскіх сузор'яў,
Шмат новых казак і новы сум.

I будзе ўспомніць матросам люба
Пад грукат шторму ў чужых марах
Дзяўчат палескіх вочы і губы,
Бароў палескіх сунічны пах.

Пімен Панчанка


E-mail рассылка email рассылка.
Яндекс навигатор для андроид 2017 скачать скачать яндекс навигатор на андроид.