Вёска Гвазды

Да цябе не багата хады,
Толькі хто дабрыдзе-дападзе.
Можна ехаць гады і гады
I не ўбачыць цябе нідзе.
Дзе ты, ўшацкая вёска Гвазды?
Праплыла, як цень па вадзе,
Чорнай хмарай у неба пайшла,
Не вяртаешся на зямлю.
Я зямлю тваю да чала
Да гарачага прытулю.
Не астыла зямля яшчэ,
Прысак пад дзірваном не ачах.
I дагэтуль твой боль пячэ
I агонь у тваіх вачах.
Называю імя твае,
Ссівярэлая вёска Гвазды,
Нібы ў рукі бяру пугаўё
I ганю гады:
— Вы куды
Адбіваецеся ад чарады?
На свае вярніце сляды
Хмарку лёгкую —
Вёску Гвазды.

Рыгор Барадулін