Вятчын

Ты ў архівах старых асвечана,
Як веры Хрыстовай любоў,
Крынічна-прасветлена — Ветчана*,
Мая вотчына духу дзядоў.

I ціха туманам з Князь-возера
Вечнасць згадкі былога прадзе.
I душа прачынаецца позіркам
Млечных зорак на сіняй вадзе.

Нібы ў пробліску тым азораным
Погляд прадзедавых вачэй
Ачышчальным агнем, няскораным,
Маё сэрца праз век пячэ.

I душа лебядзіцаю белаю
Да магілаў вяртаецца зноў.
Там, дзе рукі крыжоў пасівелыя
Прыгарнулі матулі любоў,

Сэрца плакала —
                              не адплакала...
Бо з гадамі жалобы больш.
Хоць радня тут сябе растрачвала —
Не згубіла душу за грош.

I знямелай хацінкай матчынай,
Не аброслаю дзірваном,
Мне пакінута памяць удзячная
Маіх продкаў з прарочых сноў...

I хоць мёртваю, ды жаданаю
Тут знайду свой спакой-спачын.
I прыму ўсё наканаванае.
Ты — малітва мая,
                                        ВЯТЧЫН.
Ніна Аксёнчык