Ответить на комментарий

Зямля бацькоў

А на Палессі ўсё нядробна:
Цяжкая спадчына вякоў,
Цяжкія рукі хлебаробаў,
Цяжкія сны палешукоў.

Якую трэба мець адданасць
I сэрца сынава, каб так
Любіць палескі край туманны
I маці бедны андарак.

Якую мужнасць мець патрэбна,
Каб хуткасці наперакор
Уваскрасіць і воблік зрэбны
Сяла,
I водбліск даўніх зор.

Нас б’е па сэрцах паскарэнне,
Сціскаюцца прастора, час.
А матчынай зямлі карэнні
Ніколі не адпусцяць нас.

Хвалюючае падабенства!
Старонкі Мележа крані —
I з небыцця, з майго маленства
Мае узнікнуць Курані.

I час імкліва незваротны
Мастак ізноў вяртае нам,
I ажывае ўладна роднасць,
Хоць я з мясцін інакшых сам.

Пад навальнічны подых рэзкі
Я пад буслянкаю стаю
I ў ціхай вёсачцы палескай
Сябе малога пазнаю.

I, навальніцаю абмыты,
Па сцежцы, як па паяску,
Іду па лузе аксамітным
Ля выспаў белага пяску.

Развеяўся настрой паганы,
Каліны зноў цвітуць мае.
I свеціць мне усмешка Ганны,
Любоў яе і боль яе.

Зямля бацькоўская, святая.
Так, гэта мы. Увесь народ...
Мне ў сэрца бусел залятае
З трывожных прыпяцкіх балот.

Пімен Панчанка




Ответить

  ____    _  _   
|___ \ | || |
__) | | || |_
/ __/ |__ _|
|_____| |_|
Enter the code depicted in ASCII art style.